Перад самым распадам СССР у Беларусі (тады БССР) з’явілася публічная палітыка. Паўсталі палітычныя партыі і грамадскія абʼяднанні, а ў медыя пачалі абмяркоўваць палітычныя і сацыяльныя праблемы. Выбарцам далі магчымасць абіраць, а палітыкам даводзілася канкураваць адзін з адным і змагацца за кожны голас.

30 гадоў незалежнасці Беларусі — гэта гісторыя таго, як мяняліся грамадства, каштоўнасці і людзі. Як мянялася савецкая рэспубліка, якая пасля распаду СССР стала суверэннай дзяржавай.

Нам трэба было прайсці праз шмат што: пераасэнсаваць уласную гісторыю і калектыўную тоеснасць, стварыць дзейныя дэмакратычныя інстытуты, вярнуць сэнс выразу «правы чалавека» і трансфармаваць эканоміку.

Плакат падчас мірнага пратэсту 2020 года

Блакада чыгункі ў Оршы падчас пратэстаў працоўных у 1991 годзе

Мітынг працоўных на плошчы Незалежнасці ў 1991 годзе
Наколькі ўдалося ажыццявіць тое, пра што марылася і гаварылася ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х? Ці можна суадносіць гісторыю апошніх 30 гадоў толькі з гісторыяй аўтарытарызма, а ўсё зробленае — з вынікам дзяржпалітыкі? Якія яны, нашы поспехі і няўдачы, дасягненні, спрэчкі, а таксама падзеі, якія вызначылі гісторыю апошніх 30 гадоў? І якой можа быць наша будучыня?

Фотапраект «Ствараючы Беларусь» паказвае, як МЫ гэта рабілі. МЫ — гэта грамадства, якое нарадзілася за 30 гадоў: грамадзянскія ініцыятывы, прафесійныя супольнасці і тыя, хто асабіста імкнуўся ўплываць на тое, што адбываецца.

Святкаванне 100-годдзя стварэння БНР, пляцоўка ля Опернага тэатра ў Мінску, 25 сакавіка 2018 года

Акцыя тэатральнай лабараторыі Fortinbras, прысвечаная правам людзей з інваліднасцю, падчас параду Дзядоў Марозаў 24 снежня 2016 года

Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч перад допытам у СК 26 жніўня 2020 года
Імёны журналістаў, фатографаў, публіцыстаў, экспертаў, якія працавалі над гэтым праектам, сёння называць небяспечна. Але праект не завершаны: гісторыя працягваецца. Мы бяром у ёй удзел і збіраем аб ёй сведчанні.


Прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР
1990 — 27 ліпеня
Путч ДКНС (рус. — ГКЧП) у Маскве, арганізатары якога хацелі захаваць СССР
1991 — 18-21 жніўня
Беларусь аб’явіла аб сваёй незалежнасці
1991 — 25 жніўня
Падпісаныя Белавежскія пагадненні, у выніку якіх Савецкі Саюз спыніў існаванне
1991 — 8 снежня

Перыяд дэмакратычных рэформ, парламенцкая рэспубліка
1991-1994

15 сакавіка прынятая новая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Трансфармацыя краіны ў прэзідэнцкую рэспубліку
1994

Серыя рэферэндумаў, на якіх была змененая Канстытуцыя краіны, замененая дзяржаўная сімволіка і знятыя абмежаванні на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў, знішчаная публічная палітыка
1995 / 1996 / 2004

Аўтарытарны рэжым спрабуе кантраляваць палітычнае поле, здушваючы пратэсты ў 2006 і 2010 гадах, з парушэннямі правоў чалавека і выбарчых правоў
2004 – 2020

Прэзідэнцкія выбары 9 жніўня прывялі да страты легітымнасці ўлады і сталі каталізатарам масавых пратэстаў па ўсёй краіне супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і гвалту
2020 —
цяперашні час

Шэсце “Чарнобыльскі Шлях”, арганізаванае дэмакратычнай апазіцыяй Беларусі, якая выступала супраць замоўчвання савецкім кіраўніцтвам сапраўдных маштабаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Мінск, 30 верасня 1989 года
На стыку 1980-х і 1990-х інтэлігенцыя стала публічна і масава выступаць за захаванне памяці пра ахвяр сталінскіх рэпрэсій, адстойваць неабходнасць змагацца з наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і патрабаваць рашэння эканамічных праблем. Беларускае грамадства таксама пачынала выстаўляць палітычныя патрабаванні.

Апазіцыйны лідар Зянон Пазняк перад удзельнікамі шэсця “Чарнобыльскі Шлях”, Мінск, 30 верасня 1989 года

Антыкамуністычны мітынг, арганізаваны сябрамі Партыі БНФ адразу пасля заканчэння параду ў гонар Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, на плошчы Леніна, Мінск, 7 лістапада 1990 года
У парламенце 1991-1996 гадоў — Вярхоўным Савеце — ішлі гарачыя дэбаты паміж прыхільнікамі незалежнасці, новай нацыянальнай ідэі і рэформ і тымі, хто трымаўся кансерватыўных поглядаў.
Пасля путчу ў жніўні 1991 года дзейнасць Камуністычнай партыі была часова забароненая (аднак забарона была знятая ў 1993 годзе). На неабходнасці перамен настойвалі прыхільнікі Беларускага народнага фронту (масавага грамадскага абʼяднання, потым партыі, якое ўзнікла яшчэ ў 1989 годзе).

Якой бачылі Беларусь тыя, хто пачынаў рэформы ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў?

Другі тур прэзідэнцкіх выбараў, Салігорск, 1994 год
У 1991 годзе ў нас зʼявілася новая дзяржаўная сімволіка — бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Беларусь стала парламенцкай рэспублікай і атрымала міжнароднае прызнанне як незалежная дзяржава. Беларускае грамадства пачало будаваць дэмакратычныя інстытуты.

Прэзідэнт ЗША Біл Клінтан падчас свайго візіту ў Беларусь 15 студзеня 1994 года ў Мінску

Ваенны парад на плошчы Незалежнасці ў Мінску, 9 мая 1995 года
У сярэдзіне 1990-х мы сутыкнуліся з сурʼёзнымі эканамічнымі і сацыяльнымі праблемамі, фрустрацыяй часткі грамадства, звязанымі з крушэннем ранейшага сацыяльнага парадку.
На гэтым тле расквітнела палітыка папулізму. На прэзідэнцкіх выбарах 1994 года яе ўвасабленнем стаў Аляксандр Лукашэнка. Гэтая палітычная лінія абапіралася на эксплуатацыю настальгіі па СССР, на пратэст супраць сацыяльнага расслаення, якое тады пачыналася, і непрыманне зменаў. Ва ўладзе шмат у якіх галінах заставаліся прадстаўнікі старых эліт. У Беларусі пакрысе ўсталёўваўся аўтарытарны рэжым і ў той жа час фармавалася палітычная апазіцыя. Некалькі яе прадстаўнікоў бясследна зніклі ў 1999-2001 гадах.

Удзельнікі шэсця “Чарнобыльскі Шлях” 26 красавіка 1996 года ў Мінску
Грамадскія пратэсты, якія спрабавала ўзначаліць апазіцыя, мелі свае пікі і спады. Прыкладамі такога супрацьстаяння сталі масавыя акцыі ў Мінску ў 1996, 2006 і 2010 гадах. Тады на вуліцы і цэнтральныя плошчы сталіцы выйшлі дзясяткі тысяч беларусаў розных пакаленняў.

Мітынг беларускай апазіцыі ў Мінску супраць правядзення рэферэндуму, які пашырыў паўнамоцтвы Лукашэнкі, 1996 год

Затрыманні ўдзельнікаў мірнай акцыі з нагоды Дня Волі, Мінск, 25 сакавіка 2017 года
Пратэсты 1990-х і першага дзесяцігоддзя 2000-х трансфармаваліся ў новую пратэстную культуру. За 30 гадоў незалежнасці ў беларускім грамадстве адбыліся значныя пакаленчыя і сацыяльныя змены.

Супрацоўнікі АМАПа не пускаюць пратэстоўцаў на Кастрычніцкую плошчу падчас мітынгу супраць фальсіфікацый вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, 25 сакавіка 2006 года
Людзей больш не вабіла патэрналісцкая рыторыка і абуралі адсутнасць правоў і палітычны сэксізм. Беларусы сталі бачыць сябе часткай глабальнага свету, адпрэчваць палітыку папулізму і адсутнасць палітычных, грамадзянскіх ды іншых правоў.
Вынікам гэтага зарабіўся феномен масавых пратэстаў 2020 году.

Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала выступаюць на перадвыбарным пікеце ў Парку Дружбы народаў, Мінск, 17 ліпеня 2020 года

Палітык Сяргей Ціханоўскі сустракаецца з выбарцамі падчас свайго тура па Беларусі ў Гродне, 29 траўня 2020 года
Пасля выбараў 2020 года і страты легітымнасці палітычны рэжым пачаў масавыя рэпрэсіі, ігнаруючы законы ці мяняючы іх. Дзясяткі тысяч людзей былі арыштаваныя, сотні асуджаныя паводле крымінальных артыкулаў, некалькі чалавек забітыя.

Віктар Бабарыка, які так і не стаў кандыдатам у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2020 года, падчас тэрміновай прэс-канферэнцыі ў сваім штабе ў Мінску 11 чэрвеня 2020 года
У канцы 2021 года ў Беларусі налічваюць больш за 900 палітычных вязняў.

У ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года дзясяткі тысяч беларусаў, нязгодных з вынікамі выбараў, выйшлі на вуліцы, каб выказаць свой пратэст

Пратэсты 9-10 жніўня 2020 года

Пратэсты 25 верасня 2020 года

Лідар сацыял-дэмакратычнай партыі Мікалай Статкевіч падчас мітынгу супраць уводу ў Беларусь расійскіх войскаў 8 верасня 2017 года
Апошнюю чвэрць стагоддзя палітычны рэжым спрабаваў лавіраваць паміж Еўразвязам і Расіяй. Праблемы з міжнародным прызнаннем паўсталі яшчэ ў сярэдзіне 1990-х, але пасля драматычных падзей 2020 года рэжым знаходзіць падтрымку толькі ў Расіі, чый урад заплюшчвае вочы на ўсе рэпрэсіі ўнутры Беларусі.

Мінчукі ў ланцугу салідарнасці пад проліўнем пасля затрымання кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, Мінск, 18 чэрвеня 2020 года
У СССР усе грамадскія арганізацыі, прафесійныя саюзы і абʼяднанні былі пад поўным кантролем дзяржавы, таму так важна было сфармаваць структуру грамадзянскай супольнасці, незалежную ад кіроўных эліт.
Створаны Беларускі народны фронт — самае масавае грамадскае абʼяднанне пачатку 1990-х
1989
Створаны Беларускі ПЭН — культурная і праваабарончая арганізацыя (ліквідаваная пасля масавых пратэстаў 2020 года)
1989
Фармуюцца першыя ў Беларусі незалежныя грамадскія арганізацыі і ініцыятывы («Next Stop — New Life», партыя «Зялёных», нацыянальная маладзёжная рада «РАДА»)
1989 — сярэдзіна 1990-х
Заснаваны Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт
1992
Створаная праваабарончая арганізацыя Беларускі Хельсінкскі камітэт (ліквідаваная пасля масавых пратэстаў 2020 года)
1995
Створаная праваабарончая арганізацыя «Вясна-96» для дапамогі арыштаваным і іх семʼям падчас пратэстаў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. У 1999 годзе перайменавана ў «Праваабарончы цэнтр «Вясна» (ліквідаваная пасля масавых пратэстаў 2020 года)
1996
Пачаў працу сайт экспертнай супольнасці Беларусі «Наша думка» (заблакаваны ўладамі пасля масавых пратэстаў 2020 года)
2003
Створаны Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS), першым дырэктарам якога быў вядомы палітолаг Віталь Сіліцкі (1972-2011)
2007
Заснаваная Нацыянальная платформа грамадзянскай супольнасці Беларусі
2010
Праява самаарганізацыі і салідарнасці беларусаў: валанцёрскія ініцыятывы па барацьбе з COVID, падтрымка рэпрэсаваных пасля масавых пратэстаў, дваровыя сустрэчы і чаты як дэманстрацыя сваёй грамадзянскай пазіцыі
2020

“Акцыя Любові” – традыцыйная акцыя беларускага моладзевага руху “Малады Фронт” на Дзень Святога Валянціна, якая праводзілася з 1997 па 2010 год
Пачынаючы з канца 1980-х працэс стварэння структур грамадзянскай супольнасці быў «нізавым». З 1994 года палітычны рэжым у Беларусі заўсёды спрабаваў кантраляваць грамадзянскую супольнасць: улады або ліквідавалі арганізацыі, або выкарыстоўвалі рэсурсы НДА ў сваіх мэтах.

Палітычны актывіст Зміцер Дашкевіч падчас “Чарнобыльскага Шляху”, Мінск, 2005 год

Афіцыйны дзень вышыванкі ў Мінску, 2 ліпеня 2017 года. На фоне – сцяг БРСМ
З сярэдзіны 1990-х з ініцыятывы дзяржавы паўсталі структуры, якія імітавалі дзейнасць грамадзянскай супольнасці. Дзеля гэтага дзяржапарат рэанімаваў арганізацыі, створаныя яшчэ ў эпоху СССР: напрыклад, камсамольская арганізацыя БССР ператварылася ў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

“Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” ці “маўклівы пратэст” – грамадзянскія акцыі летам і восенню 2011 года; удзельнікі выказвалі сваю незадаволенасць дзеяннямі ўладаў, якія прывялі да фінансавага крызісу, дэвальвацыі беларускага рубля і рэзкага скачка цэн

Акцыя грамадскай ініцыятывы “Маршыруй, дзетка!” за прыняцце закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту 10 снежня 2019 года
За мінулыя 30 гадоў дзякуючы дзеянням грамадзянскіх актывістак і актывістаў, нізавым ініцыятывам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі былі сфармуляваныя шматлікія праблемы і запыты: стварыць магчымасці для адукацыі дарослых, у тым ліку ў турмах, сфармаваць умовы для інклюзіі людзей з інваліднасцю, абмеркаваць раўнапраўе жанчын і мужчын, праблему хатняга гвалту, стварыць умовы для рэгіянальнага развіцця.

Грамадскі актывіст Дзмітры Цімашкоў з дачкой Лілей, якая жыве з цяжкай формай ДЦП. Цімашкоў – заснавальнік прыватнай дабрачыннай установы па прасоўванні актыўнага ладу жыцця сярод людзей з інваліднасцю Каманда “Крылы Анёлаў” (была ліквідаваная пасля масавых пратэстаў 2020 года)

Беларускі праваабаронца, старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна”, палітвязень Алесь Бяляцкі пасля свайго вызвалення з папраўчай калоніі ў Бабруйску 23 чэрвеня 2014 года
Асаблівы ціск з боку палітычнага рэжыму зазнавалі праваабаронцы. Для пераследу ўлады выкарыстоўвалі фармулёўку «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі», пры гэтым зарэгістраваць НДА ў краіне было вельмі складана.

Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч з праваабарончага цэнтру “Вясна” нясуць у адміністрацыю прэзідэнта подпісы за скасаванне смяротнага пакарання, 6 ліпеня 2017 года. Абодва праваабаронцы былі затрыманыя 14 ліпеня 2021 г. падчас пагрому грамадскіх арганізацый і прызнаныя палітвязнямі

Графіці “дыджэяў перамен” на трансфарматарнай будцы ў двары “Плошчы перамен”. Графіці зрабілася сімвалам пратэстаў 2020 года, а двор – сімвалам салідарнасці і дваровай актыўнасці беларусаў
Нягледзячы на рэпрэсіі і ліквідацыю пасля пратэстаў 2020 года, шмат якія НДА працягваюць сваю працу і прасоўваюць актуальную сацыяльную павестку.

Мемарыял жыхару “Плошчы перамен” Раману Бандарэнку, які загінуў пасля таго, як сілавікі затрымалі яго ў двары ягонага дома, Мінск, 13 лістапада 2020 года
Яшчэ да распаду СССР пачала мяняцца сацыяльная структура грамадства ў Беларусі. Самыя актыўныя пачалі спрабаваць сябе ў прадпрымальніцтве. З’явіўся прыватны сектар эканомікі, рынак працы пераразмеркаваўся. Гэтыя працэсы непазбежна прывялі да ўзмацнення сацыяльнай няроўнасці.

Змяняецца сацыяльная структура савецкага грамадства пад уплывам працэсаў палітычнай і эканамічнай трансфармацыі
Другая палова 1980-х —
сярэдзіна 1990-х
Адмененае крымінальнае пакаранне за гомасэксуальнасць
1994
У Мінску адкрываецца цэнтр дапамогі бяздзетным парам, пачынаецца развіццё рэпрадуктыўных тэхналогій
1995

На рэферэндуме большасць беларусаў прагаласавалі за захаванне смяротнага пакарання (з гэтай прычыны Беларусь сёння не ўваходзіць у Раду Еўропы)
1996

Адменены штамп у пашпарце, які ўскладняў выезд за мяжу
2008
Адкрыты недзяржаўны Офіс па правах людзей з інваліднасцю (ліквідаваны пасля масавых пратэстаў 2020 года)
2011
У Беларусі замацавалі заканадаўча права лекара адмаўляцца праводзіць аборт, паменшылі колькасць медыцынскіх паказанняў для яго
2014
Памёр Міхаіл Пішчэўскі, які знаходзіўся ў коме пасля збіцця за сваю сэксуальную арыентацыю. Справа Пішчэўскага — адзін з прыкладаў, як грамадства і дзяржава ставяцца да гомасэксуалаў
2015

Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў
2016
Рэзанансная справа шарагоўца Аляксандра Коржыча, якога знайшлі павешаным. Праблема гвалту ў войску абмяркоўваецца ў Беларусі з канца 1980-х
2017

З асабістага распараджэння Аляксандра Лукашэнкі спыненая праца над законапраектам аб супрацьдзеянні хатняму гвалту
2018
Пасля масавых пратэстаў у 2020 годзе ўлады ліквідавалі каля 300 грамадскіх арганізацый: ад культурных ініцыятыў да суполак па абароне ўразлівых груп
2021

Акцыя “Стоп-бензін”, накіраваная супраць павышэння цэнаў на аўтамабільнае паліва, Мінск, 2011 год
Існаванне беларускага «сярэдняга класа» і яго роля зʼяўляецца прадметам дыскусій з 1990-х: ці можа быць аўтаномным чалавек, чый дабрабыт залежыць ад дзяржаўнай эканомікі.

Да трох тысяч чалавек прынялі ўдзел у Маршы прадпрымальнікаў 15 снежня 2008 года ў Мінску. Арганізаваная Грамадскім аб’яднаннем “Перспектыва” акцыя была санкцыянаваная ўладамі і прайшла без інцыдэнтаў

Пасля выбараў 2010 года шэрагу беларускіх актывістаў і грамадскіх дзеячаў быў забаронены выезд за мяжу. На фота – штамп аб забароне на выезд, 15 сакавіка 2012 года
У 1990-х і асабліва ў 2000-х беларусы сталі шмат ездзіць па свеце, удзельнічаць у культурных абменах, адкрываць для сябе новыя магчымасці. Тым не менш, нацыянальныя межы і візавыя абмежаванні засталіся перашкодай для адкрытасці краіны. Больш за тое, пасля пратэстаў 2020 года ўлады рэзка ўскладнілі большасці беларусаў выезд за мяжу.

Freaky Summer Party Festival – штогадовы двухдзённы музычны фестываль з вулічнай ежай, мастацкімі інсталяцыямі і забаўляльнымі ўстановамі
Пакрысе мяняліся нашы ўяўленні пра нормы сацыяльнага жыцця. Для часткі беларусаў галоўнымі каштоўнасцямі зрабілася свабода асобы, правы чалавека, раўнапраўе мужчын і жанчын, самарэалізацыя ды імкненне да матэрыяльнага дабрабыту.

Адзіная ў краіне жанчына-каваль, Маладзечна, 2017 год

Канваіры перадаюць табельную зброю пры дастаўцы ў суд прыгаворанага да смяротнага пакарання падчас апеляцыі, 2016 год
Пры гэтым людзі, якія трымаюцца кансерватыўных поглядаў, — менавіта такія знаходзяцца ва ўладзе і фармуюць дзяржаўную сацыяльную палітыку — арыентуюцца на так званыя «каштоўнасці выжывання» і патэрналізм. Праблема правоў чалавека сёння — адна з цэнтральных у грамадстве праз шматлікія парушэнні гэтых правоў палітычным рэжымам.

Дзяўчына спрабуе даведацца ў сілавіка пра лёс затрыманага каля брамы ізалятара часовага ўтрымання на Акрэсціна 12 жніўня 2020 года, куды тысячы беларусаў, нязгодных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, патрапілі пасля акцый пратэсту

Радзільнае аддзяленне Рагачоўскай раённай больніцы, 1992 год
Беларускае грамадства пераглядае адносіны да сямʼі і ролі мужчын і жанчын. Рост колькасці разводаў і абортаў у 1990-я выклікаў шмат неспакою і грамадскіх абмеркаванняў, але ідэя сэксуальнай асветы, якая зʼявілася ў 2000-х, так і не стала паўнавартаснай часткай школьнай праграмы.

Вясковае вяселле, 1988 год

Дом начнога перабывання бяздомных, Мінск, 6 снежня 2017 года
У грамадстве няма згоды адносна праблемы хатняга гвалту, правоў і магчымасцей людзей з інваліднасцю, прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці і іншых уразлівых груп. Разам з тым дзяржаўная прапаганда па-ранейшаму маніпулюе «традыцыйнымі каштоўнасцямі» і «духоўнасцю».

15 мая 2010 года ў Мінску адбылося шэсце Славянскага гей-прайду 2010, удзел у якім прынялі каля 30 актывістаў з Расіі і Беларусі

Хойніцкая раённая больніца, 1997 год
У 2009 годзе даследчыкі ў Беларусі сталі выкарыстоўваць тэрмін «сацыяльны кантракт» — нешта накшталт «негалоснага пагаднення» паміж палітычным рэжымам і грамадствам. Замест таго каб рызыкаваць і зарабляць больш, людзі аддаюць перавагу гарантаванай працы на дзяржаўных прадпрыемствах і нізкім даходам. І ў абмен яны добраахвотна адмаўляюцца ад часткі сваіх правоў.

Работніца ў цэху аднаго з найбуйнейшых дзяржаўных вытворцаў трыкатажу – кампаніі “Купалінка”, 31 сакавіка 2015 года

Дзіцячае аддзяленне РНПЦ анкалогіі, Мінск, 1991 год. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС адбыўся рэзкі скачок захворвання на рак шчытападобнай залозы сярод дзяцей, якія знаходзяцца ў зоне заражэння
На працягу 2010-х дзяржава згарнула шэраг сацыяльных праграм, нават тыя, якая сама ініцыявала. Напрыклад, ільгот пазбавіліся «чарнобыльцы» — людзі, якія ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе, жылі на забруджаных тэрыторыях ці сталі вымушанымі перасяленцамі.

Удзельнік вайны ў Афганістане Мікалай Капарыха, які атрымаў шматлікія раненні і пасля страціў ногі, з жонкай у сваёй кватэры, Мінск, 1992 год
У канцы 1980-х — пачатку 1990-х беларускае грамадства актыўна абмяркоўвае пытанні гістарычнай памяці і калектыўнай тоеснасці.
Гісторыя «савецкай Беларусі» паступова замяняецца наратывам пра гісторыю нацыянальнай дзяржавы і супольнасці.

Першы масавы палітычны мітынг-рэквіем «Дзяды» ў Мінску, прысвечаны памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Разгон мітынгу ўладамі выклікаў вялікі грамадскі розгалас
1988

Заснаванае Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ліквідаванае пасля масавых пратэстаў 2020 года)
1989
Беларуская мова заканадаўча абвешчаная адзінай дзяржаўнай мовай, а руская — «моваю міжнацыянальных зносін»
1990
На рэферэндуме, ініцыяваным Аляксандрам Лукашэнкам, руская мова атрымала статут другой дзяржаўнай. Гэта прывяло да спынення беларусізацыі пачатку 90-х і дыскрымінацыі беларускамоўных жыхароў краіны
1995
Паўстала грамадская культурная ініцыятыва «Будзьма беларусамі!», мэта якой — прасоўваць беларускую культуру і абмяркоўваць праблемы нацыянальнай ідэнтычнасці
2008
Паўсталі і сталі паспяховымі грамадскія ініцыятывы для вывучэння і пашырэння беларускай мовы («Мова цi кава», «Мова нанова» і іншыя)
2014
Дзякуючы некамерцыйным і камерцыйным арганізацыям (Symbal.by і інш.), беларускія нацыянальныя сімвалы і вобразы ідэнтычнасці сталі часткай масавай культуры
2014-2018

Святкаванне 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (як рэалізацыі ідэі несавецкай дзяржаўнасці Беларусі на пачатку ХХ стагоддзя). Святочную акцыю ініцыявалі грамадскія інстытуцыі і дазволіў палітычны рэжым, які пасля ўкраінскіх падзеяў 2013-2014 гадоў шукаў тады падтрымкі сярод пратэставай часткі грамадства
2018

Падчас перапісу насельніцтва ўзнікаюць спрэчкі пра мову і моўную сітуацыю ў Беларусі. Беларускую мову назвалі роднай усяго 61,2 % насельніцтва (адна з прычын — адсутнасць дзяржаўнай падтрымкі)
2019

Пасля прэзідэнцкіх выбараў беларусы масава выкарыстоўваюць бела-чырвона-белую сімволіку (дзяржаўную сімволіку РБ у 1991-1995 гадах), каб выказаць нязгоду з дзеяннямі палітычнага рэжыму. У адказ улады рыхтуюць законапраекты, якія забараняюць выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня»
2020

23 мая 1995 года з фасада Дома ўрада быў дэмантаваны і літаральна выкінуты на задворкі інстытута “Мінскпраект” герб “Пагоня”

Працэсія падчас абраду памінання продкаў Дзяды ў месцы масавых пахаванняў Курапаты, 2 мая 2014 года
У 1988 годзе Зянон Пазняк і Яўген Шмыгалёў публікуюць артыкул «Дарога на Курапаты». Тэма сталінскіх рэпрэсій робіцца адной з цэнтральных, а ўрочышча Курапаты пад Мінскам — масавае пахаванне ахвяр сталінскага тэрору — ператвараецца ў самае вядомае месца памяці.

Народны абрад успаміну продкаў Дзяды ў месцы масавых пахаванняў Курапаты
Аднак ужо ў сярэдзіне 1990-х усталяваны аўтарытарны рэжым абмяжоўвае доступ да архіваў, а тэма сталінскіх рэпрэсій сыходзіць з публічнага абмеркавання. Захаваннем памяці аб ахвярах займаюцца толькі сваякі і актывісты некаторых ініцыятыў і палітычных абʼяднанняў.

Міліцыянты падчас абраду памінання продкаў Дзяды ў месцы масавых пахаванняў Курапаты, 2 траўня 2014 года
Чыноўнікі спрабуюць завяршыць дэбаты пра дзяржаўны гвалт перыяду сталінізму з фармулёўкай «не трэба палітызаваць гісторыю Курапатаў». Толькі ў 2018 годзе ўлады пагаджаюцца правесці конкурс і ўсталяваць помнік у Курапатах. Увесну 2019 года былі знесеныя некалькі дзясяткаў крыжоў, усталяваных грамадскімі актывістамі.

Народны абрад успаміну продкаў Дзяды ў месцы масавых пахаванняў Курапаты, 2013 год

Наваградскі замак уключаны ў спіс з 27 аб’ектаў, захаванне якіх можа быць прафінансаванае з рэспубліканскага бюджэту
У беларускіх гарадах да гэтага часу стаяць савецкія помнікі. Сімвалічнага разрыву з савецкім мінулым не адбылося, аднак сёння памяць пра яго напаўняецца асабістымі гісторыямі, у якіх стаўленне да СССР балансуе паміж «настальгіяй» і рэзкім непрыманнем.

Рэпетыцыя парада да Дня незалежнасці ў Мінску на праспекце Незалежнасці 27 чэрвеня 2017 года
Самыя розгаласныя гістарычныя тэмы сёння — нацыянальны рух пачатку ХХ стагоддзя і яго сімвалы, гісторыя Другой сусветнай вайны і калабарацыі. Выкарыстанне памяці пра Другую сусветную вайну — частка дзяржаўнай прапаганды.

Дзень памяці і рэканструкцыя абароны Брэсцкай крэпасці 22 чэрвеня 2016 года

Акцыя “Маладога Фронту” ў Дзень ведаў у Мінску 1 верасня 2006 года
Пасля распаду СССР спрэчкі пра тое, што такое беларуская ідэнтычнасць, прывялі да фармавання розных пазіцый. Згодна з адной з іх, нашаму грамадству «бракуе» нацыянальнай ідэнтычнасці, яе трэба аднавіць, перастварыць. Паводле іншай гэтая «нястача» не зʼяўляецца праблемай у «постнацыянальным свеце», мы павінны толькі знайсці сваё месца ў ім і выпрацаваць новыя падыходы да паняцця ідэнтычнасці.

Палітык і грамадскі дзеяч Зянон Пазняк абдымае жанчыну ў нацыянальным строі

Акцыя ў Мінску супраць аб’яднання з Расіяй, 7 снежня 2019 года
Пры гэтым яшчэ з 1990-х працягваецца дыскусія пра «еўрапейскі» або «расійскі» складнік у самаідэнтыфікацыі беларусаў. У 1990-я ў Канстытуцыі зʼяўляецца ідэя нейтралітэту. З 2000-х у дзяржпалітыцы зʼяўляецца ідэя «шматвектарнасці», якая фактычна абазначае прыярытэт адносін з Расіяй.

Рома памінаюць сваіх памерлых на Радаўніцу на ромскіх могілках у Барысаве, 7 мая 2019 года
Гісторыкі сёння спрабуюць прадставіць розныя галасы з мінуўшчыны, у тым ліку гісторыю тых груп, якая раней не была прадстаўленая (напрыклад, гісторыю жанчын). Пасля 1991 года ідэя нацыянальнай гісторыі таксама прывяла да дэбатаў пра культурную разнастайнасць і неабходнасць уключыць у нацыянальны наратыў не толькі аповед пра даміноўную ролю беларусаў, але і злучыць яго з гісторыяй палякаў, габрэяў, рома (цыган), татар, іншых этнічных груп, якія жылі і жывуць у Беларусі.

Помнік на месцы масавага забойства габрэяў у Наваградскім гета, 21 жніўня 2012 года
Габрэйскія абшчыны імкнуцца захоўваць памяць пра трагедыю Халакосту ў Беларусі, пасля якога Беларусь страціла істотную частку сваёй культуры і насельніцтва. Прызнанне памяці аб культуры рома і генацыдзе рома ў перыяд Другой сусветнай вайны толькі ў апошні час сталася тэмай публічных дыскусій. Польская супольнасць таксама фармуе свой наратыў памяці, гэтаксама як іншыя этнічныя групы.

Жанчына плыве ў праваслаўнай купелі на Вадохрышча ва Універсітэцкім пасёлку пад Мінскам, 19 студзеня 2018 года
Пасля распаду СССР і заняпаду камуністычнай ідэалогіі адраджаецца рэлігійнае жыццё і павялічваецца колькасць вернікаў. Царква — як праваслаўная, так і каталіцкая — спрабуе ўплываць на грамадскае жыццё і палітычныя рашэнні. У Беларусі прысутнічаюць і іншыя канфесіі і рэлігійныя плыні: напрыклад, розныя напрамкі юдаізму, пратэстантызму, ісламу. Але нягледзячы на тое, што шмат беларусаў лічаць сябе рэлігійнымі, рэлігія не моцна ўплывае на паўсядзённае жыццё.

Працэсія каталіцкіх вернікаў з фігурай Маці Божай Фацімскай у цэнтры Мінска 15 кастрычніка 2017 года
Падчас пратэстаў 2020 года многія каталіцкія і праваслаўныя святары выступілі супраць гвалту ў дачыненні да мірных грамадзян. Аднак становішча і статус рэлігійных арганізацый знаходзіцца пад кантролем дзяржавы, якая не дапускае крытычныя выказванні на свой адрас.

Святкаванне 401-й гадавіны абраза Будслаўскай Божай Маці, хрэсны ход вакол касцёла ў Будславе, галоўная каталіцкая падзея Беларусі, 4 ліпеня 2015 года
У СССР існавала планавая эканоміка, кіраванне якой залежала ў большай ступені ад палітычных рашэнняў, чым ад эканамічных. Дзяржаўная ўласнасць дамінавала над асабістай, прыватная ўласнасць не віталася.
Існавала сістэма размеркавання агульных рэсурсаў паміж усімі грамадзянамі, занятымі толькі ў дзяржаўнай эканоміцы. Праз дзяржаўныя сістэмы адукацыі, аховы здароўя і іншыя сацыяльныя праграмы грамадзянам даваліся фармальна «бясплатныя» паслугі і магчымасці.
Створаная Асацыяцыя камерцыйных банкаў БССР (пазней — Асацыяцыя беларускіх банкаў)
1990
Завершанае стварэнне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Зʼявіўся найвялікшы прыватны банк «Прыёрбанк» і першыя біржавыя структуры. Створаны Беларускі Незалежны прафсаюз
1991

Замест савецкага рубля ўвялі сістэму купонаў. Потым зʼявіліся першыя беларускія грошы, на якіх з аднаго боку былі намаляваныя жывёлы з беларускай фаўны, а на другім — нацыянальны герб «Пагоня»
1992
У Мінску адбылося першае заказное забойства старшыні рады дырэктараў «Белбізнесбанка» Аляксандра Ліснічука, якое стала адной з праяў крыміналізацыі постсавецкай эканомікі
1993
Пасля прэзідэнцкіх выбараў зменены эканамічны курс, спыненая прыватызацыя ў эканоміцы
1994
Улады задушылі страйк у Мінскім метрапалітэне, яки арганізавалі ў тым ліку сябры Свабоднага прафсаюзу. Для здушэння наймалі штрэйкбрэхераў і арыштоўвалі страйкоўцаў
1995
Дэфолт расійскага рубля прывёў да крызісу ў беларускай эканоміцы
1998

Постсавецкі эканамічны крызіс пакрысе завяршаўся, але ён так і не прывёў да сурʼёзных рэформ у эканоміцы
1995-2004

Пасля спробы ўвесці падатак на «дармаедства» ў краіне прайшлі масавыя пратэсты. Падатак павінны былі плаціць «утрыманцы» — грамадзяне, афіцыйна не ўладкаваныя на працу
2017
Еўразвяз, ЗША, Канада і Вялікабрытанія ўвялі эканамічныя санкцыі супраць рэжыму ў адказ на масавыя рэпрэсіі, гвалт і арганізацыю міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і ЕЗ
2021

Чарга па малако ў краму, Мінск, 1991 год
Эканамічныя рэформы ў перыяд перабудовы (1985-1991) прывялі да зʼяўлення структур рынкавай эканомікі. Даходы тых, хто працаваў у першых прыватных структурах (напрыклад, кааператывах), пачалі рэзка расці. Гэтыя працэсы адбываліся на фоне эканамічнага крызісу: росту інфляцыі, коштаў, дэфіцыту тавараў, памяншэння прыбыткаў насельніцтва.

24-26 красавіка 1991 года ў Оршы рабочыя-пратэстоўцы заблакавалі чыгуначныя пуці
Страйкі на прамысловых прадпрыемствах сталіся часткай штодзённасці. У 1989-1992 гадах перыядычна страйкавалі шахцёры Салігорску («Беларуськалій») і працоўныя ў іншых гарадах.

Рабочыя выступаюць супраць моцнага павышэння коштаў на прадукты. Плошча Незалежнасці ў Мінску, 4 красавіка 1991 года

Офіс Беларусбанка на вуліцы Сурганава ў Мінску на фоне міні-рынку, 1994 год
У першай палове 1990-х ідэі нерэгуляванага «вольнага рынку» злучаюцца са спадчынай планавай савецкай эканомікі і патэрналісцкай мадэллю паводзін людзей. Пачалася прыватызацыя дзяржаўнай уласнасці, зʼявіўся прыватны бізнес, у тым ліку ў банкаўскай сферы. Беларусы ўпершыню сутыкнуліся з беспрацоўем: шматлікія дзяржаўныя прадпрыемствы закрываліся, людзі былі вымушаныя шукаць новыя спосабы заробку. Зʼявіўся «чаўнаковы» гандаль: людзі сталі масава ездзіць па тавары ў Польшчу і Турцыю і прадаваць іх на першых рэчавых рынках у Беларусі.

Людзі стаяць у чарзе за валютай у перасоўны абменны пункт у 1995 годзе ў Мінску
Дазвалялася свабодна абменьваць валюту. Беларусы актыўна спрабуюць сябе ў прадпрымальніцтве, але адначасова сутыкаюцца з сацыяльным расслаеннем і дазнаюцца, што такое крымінал і рэкет.

Гандаль рыбай на прывакзальнай плошчы ў Мінску, 1992 год

Беларуска-турэцкі бізнес-форум, арганізаваны Беларускай гандлёва-прамысловай палатай сумесна з Саветам па знешнеэканамічных сувязях Турцыі, Мінск, 11 лістапада 2016 года
У другой палове 1990-х Аляксандр Лукашэнка выкарыстоўвае антырынкавую і антыпрадпрымальніцкую рыторыку і спрабуе ўзяць пад кантроль увесь вялікі бізнес, які ў тым ліку фінансаваў яго палітычных апанентаў. Так быў разгромлены бізнес Аляксандра Пупейкі, уладальніка холдынгу «Пушэ» — адной з першых бізнес-структур у Беларусі.

Банкір Віктар Бабарыка, які ў 2020 годзе вылучаў сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта Беларусі. 6 ліпеня 2021 года па абвінавачанні ў атрыманні хабараў у асабліва буйным памеры прыгавораны да 14 гадоў пазбаўлення волі. Прызнаны палітвязнем. На фота – Віктар Бабарыка шпацыруе па мінскім мікрараёне Аўтазавод, дзе ён правёў дзяцінства і юнацтва, 12 верасня 2019 года

Гарадскі кірмаш вакансій «Праца для Вас – працаўладкаванне для кожнага!», арганізаваны камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама 28 красавіка 2016 года
Да пачатку 2000-х ручное кіраванне эканомікай стала адметнай рысай эканамічнай палітыкі Беларусі. Дзяржава стварала ўласныя структуры для занятку бізнесам.

Старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч п’е шампанскае на адкрыцці Дома футбола ў Мінску 7 красавіка 2006 года
Перыядычныя крызісы, дэвальвацыі і дэнамінацыі сталі звыклымі. Адноснае павышэнне ўзроўню жыцця ў першым дзесяцігоддзі 2000-х было дасягнутае не за кошт структурных рэформ, а дзякуючы канʼюнктуры на нафтавым рынку і асаблівым адносінам з Расіяй.

Страйк прыватных прадпрымальнікаў у Гандлёвым цэнтры Coolman у Мінску 2 кастрычніка 2017 года
Антырынкавыя рыторыка і рашэнні ўрада выклікалі перыядычныя страйкі індывідуальных прадпрымальнікаў у краіне. У 1999 годзе ўлады ўвялі працоўныя кантракты, якія абмяжоўвалі правы наёмных працаўнікоў на рынку працы. Незалежныя прафсаюзы зазнавалі безупынны пераслед.

Прыватныя прадпрымальнікі на рынку горада Бераставіца, Брэсцкая вобласць, 16 лістапада 2016 года

Акцыя апазіцыі супраць скасавання часткі льгот студэнтам, інвалідам і пенсіянерам ля ўваходу ў будынак Савета міністраў Беларусі, Мінск, 4 лістапада 2007 года
Да 2010 года, насуперак патэрналісцкай рыторыцы 1994 года, колькасць сацыяльных праграм зменшылася. Колькасць людзей, якія працуюць у прамысловым сектары, таксама скарацілася.

Работнік лямцава-валяльнай фабрыкі нясе валёнкі, 2009 год

Мінчане дзяжураць ля пункта абмену валют, спрабуючы купіць любую валюту падчас эканамічнага крызісу 2011 года
Палітычны рэжым прапагандаваў ідэю беларускай «сацыяльна-арыентаванай дзяржавы». Ён спрабаваў дастаткова раўнамерна размяркоўваць рэсурсы (на гэтым была заснавана папулісцкая палітыка сярэдзіны 1990-х), каб пашырыць падтрымку і павялічыць лаяльнасць сярод насельніцтва.

Чаканка беларускіх рублёў Манетным дваром Літвы, 2016 год

Супрацоўнікі менскага АМАПа разганяюць акцыю пратэсту апазіцыйных актывістаў на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, 2008 год
Аднак з часам гэтыя рэсурсы сталі выдзяляцца толькі на тых, хто падтрымлівае наяўную сістэму і рэпрэсіўную палітыку (тэндэнцыя 2020-2021 гадоў). Яшчэ да гэтых падзей адбываецца фармаванне сістэмы дзяржаўнага капіталізму: пры дапамозе кантрактнай сістэмы і іншых прылад дзяржава эксплуатуе наёмных працаўнікоў.

Будаўніцтва БелАЭС, 2017 год
Да 2020 года ў спісе паспяховых бізнесаў у Беларусі знаходзяцца ІТ-галіна, паліўна-энергетычная сфера, рытэйл (гандаль ураздроб), будаўніцтва. Частка гэтых бізнесаў незалежная, частка наўпрост звязаная з дзяржаўнымі структурамі. Аграрны сектар патрабуе вялікіх інвестыцый, як і частка неэфектыўных дзяржпрадпрыемстваў у іншых галінах. Палітычная нестабільнасць 2020-2021 гадоў, дзяржаўная палітыка і ўвядзенне санкцый прывялі да пагаршэння эканамічных рэйтынгаў і прагнозаў развіцця эканомікі Беларусі.

Беларускія шахцёры, абураныя фальсіфікацыямі на выбарах, галасуюць за страйк у знак салідарнасці з пацярпелымі ад гвалту і палітычнымі вязнямі, Салігорск, 17 жніўня 2020 года
У другой палове 1980-х гадоў, пасля абвяшчэння ў СССР палітыкі «галоснасці», паменшылася цэнзура ў СМІ, якія ў той перыяд усе былі дзяржаўнымі. У першай палове 1990-х гадоў з’явіліся першыя недзяржаўныя газеты.
Медыя пачалі камерцыялізавацца, размяшчаючы рэкламу. Газеты і тэлебачанне ў канцы 1980-х-першай палове 1990-х гулялі велізарную ролю ў фармаванні грамадскай думкі і абмеркаванні новых сацыяльных праблем.

Журналіст Алесь Ліпай заснаваў першае і адзінае ў краіне незалежнае інфармацыйнае агенцтва «БелаПАН». Пасля масавых пратэстаў 2020 года ўлады абвясцілі медыя экстрэмісцкім фармаваннем, сайт выдання заблакаваны, арыштаваныя супрацоўнікі Ірына Леўшына і Дзмітрый Наважылаў прызнаныя палітвязнямі
1991

Аднавіла працу грамадска-палітычнае выданне «Наша Ніва» (заснавана ў 1906 годзе), якое прасоўвае ідэі нацыянальнага адраджэння і беларускай культуры. Пасля масавых пратэстаў 2020 года ўлады абвясцілі медыя экстрэмісцкім фармаваннем, сайт выдання заблакаваны, арыштаваныя супрацоўнікі Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко прызнаныя палітвязнямі
1991
Вяшчанне першай незалежнай радыёстанцыі «Аўтарадыё» ў Беларусі, якую ўлады закрылі за трансляцыю перадвыбарных ролікаў супернікаў Лукашэнкі ў 2010 годзе
1992-2011

Журналіст Пётр Марцаў заснаваў незалежную «Беларускую дзелавую газету» (БДГ) — адно з самых вядомых медыя 1990-х. Дзейнасць газеты спыненая ўладамі ў 2006 годзе.
1992

Аркадзь Добкін і Леанід Лознер заснавалі найбуйнейшую IT-кампанію EPAM. З’явіўся адзін з першых будучых прыватных інтэрнэт-правайдэраў у Беларусі — «Адкрыты кантакт»
1993
З’явілася даменная зона .by. Па распараджэнні прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча зачыненая радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная»
1994
Заснаваная «Камп’ютарная газета» — адно з першых выданняў у Беларусі, якое расказвае пра новыя тэхналогіі
1995
Створаны адзін з першых інтэрнэт-сайтаў медыя — сайт газеты «Вячэрні Мінск»
1996
Пачала вяшчанне незалежная радыёстанцыя «101,2», якую ў 1996 годзе ўлады зачынілі
1995
Заснаваная Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), якая аб’яднала прадстаўнікоў незалежных медыя. Нягледзячы на фармальную ліквідацыю арганізацыі ўладамі ў 2021 годзе, БАЖ працягвае працу
1995
Пачало працу сеткавае апазіцыйнае выданне «Хартыя’ 97» (заснавальнік і рэдактар сайта Алег Бябенін знойдзены ў 2010 годзе мёртвым)
1997

Інтэрнэт робіцца масава даступным
1997

Бясследна знік тэлежурналіст Зьміцер Завадскі, які быў асабістым аператарам Аляксандра Лукашэнкі
2000

Юрый Зісер заснаваў беларускі інфармацыйны інтэрнэт-партал TUT.BY, які рэжым знішчыў у 2021 годзе. Партал прызнаны экстрэмісцкім. На момант разгрому — самы наведвальны навінны рэсурс у Беларусі. У ліпені 2021-га частка былой каманды заснавала новае медыя — Zerkalo.io, якое ўлады таксама прызналі экстрэмісцкім
2000
Пачаў вяшчанне дзяржаўны канал АНТ
2002

Забітая беларуская незалежная журналістка Вераніка Чаркасава
2004

Створаны Парк высокіх тэхналогій для развіцця IT-бізнесу. Яго першым кіраўніком быў Валерый Цапкала, які выставіў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года і пакінуў краіну праз пагрозу небяспекі
2005
Пачаў працаваць адзін з самых папулярных у Беларусі інтэрнэт-парталаў Onliner.by
2014
Урад паспрабаваў прыняць законы, якія даюць права сачыць за карыстальнікамі і спыняць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў
2015

Facebook купіў дататак MSQRD, які распрацавала беларуская кампанія. Поспех MSQRD, Viber, MAPS.me і анлайн-гульні World of Tanks дапамаглі Беларусі зарабіць імідж «IT-краіны»
2016

У перыяд палітычных пратэстаў улады адключалі Інтэрнэт па ўсёй краіне сумарна на 218 гадзін. Гэта закранула 7,9 млн карыстальнікаў
2020
Улады масава рэпрэсуюць незалежныя медыя і журналістаў у Беларусі
2021

Пасля ўсталявання аўтарытарнага рэжыму ў 1994 годзе ўлады паспрабавалі паставіць пад кантроль прэсу і тэлебачанне. З другой паловы 1990-х недзяржаўныя СМІ пастаянна знаходзіліся пад ціскам: газетам адмаўлялі ў доступе да дзяржаўнай сістэмы распаўсюду і падпіскі, пераследавалі журналістаў, рэкламадаўцам забаранялі даваць рэкламу. Пасля з’яўлення незалежных медыя ў Інтэрнэце ўлады спрабавалі таксама адключаць іх сайты ў перыяд выбарчых кампаній ці палітычных акцый. Адна з тэндэнцый апошніх пяці гадоў — падзенне даверу насельніцтва да дзяржаўных медыя.


Падчас пратэстаў 2020 года і пасля ўлады абвясцілі «вайну» незалежным медыя. У студзені 2022 года 32 прадстаўнікі медыя знаходзяцца пад арыштам. Зачыненыя або ліквідаваныя ўсе асноўныя грамадска-палітычныя выданні, мноства рэгіянальных выданняў.






У 1990-я гады У Беларусі пачалася новая эпоха развіцця інфармацыйных і лічбавых тэхналогій, звязаных з развіццём сеткі інтэрнэт і пашырэннем доступу да яе. Дзяржава кантралявала з’яўленне прыватных правайдараў і хостынгавых кампаній і да гэтага часу захоўвае манаполію ў тэлекамунікацыйнай сферы. Праца кампаній сотавай сувязі, доступ да якой стаў масавым у Беларусі з пачатку 2000-х, таксама кантралюецца ўладамі.

У 2000-я гады У Беларусі адбыўся бум IT-сферы. Быў створаны Парк высокіх тэхналогій, рэзідэнты якога змаглі карыстацца льготнымі ўмовамі падаткаабкладання. Вырас экспарт лічбавых прадуктаў, хоць многія каманды працавалі на замежныя кампаніі. Гэта паўплывала на хуткі рост прыбытку і заработнай платы ў IT-галіне ў адрозненне ад усіх астатніх сектараў эканомікі. Гэтая розніца захоўваецца ў Беларусі да сённяшняга дня.

Апошнія 10 гадоў улады спрабавалі выкарыстаць вобраз «IT-краіны» за межамі і ўнутры Беларусі, каб стварыць імідж здольнага да мадэрнізацыі аўтарытарнага рэжыму. Аднак у ходзе пратэстаў 2020 года гэты імідж і развіццё беларускай IT-сферы ў цэлым апынуліся пад пытаннем з-праз перыядычныя адключэнні інтэрнэту і арышты працаўнікоў IT-кампаній.



Са жніўня 2020 года людзі пачынаюць масава выкарыстоўваць месенджары (напрыклад, Telegram) і VPN-сервісы, каб абыходзіць блакаванне сайтаў і падтрымліваць больш-менш абароненую сувязь адзін з адным. Неверагодная папулярнасць шэрагу Telegram-каналаў вылілася ў пераслед падпісчыкаў і адміністратараў з боку сілавых структур.


